Леваневский Валерий Законодательство Беларуси 2011 год
Загрузить Adobe Flash Player

  Главная

  Законодательство РБ

  Кодексы Беларуси

  Законодательные и нормативные акты по дате принятия

  Законодательные и нормативные акты принятые различными органами власти

  Законодательные и нормативные акты по темам

  Законодательные и нормативные акты по виду документы

  Международное право в Беларуси

  Законодательство СССР

  Законы других стран

  Кодексы

  Законодательство РФ

  Право Украины

  Полезные ресурсы

  Контакты

  Новости сайта

  Поиск документа


Полезные ресурсы

- Таможенный кодекс таможенного союза

- Каталог предприятий и организаций СНГ

- Законодательство Республики Беларусь по темам

- Законодательство Республики Беларусь по дате принятия

- Законодательство Республики Беларусь по органу принятия

- Законы Республики Беларусь

- Новости законодательства Беларуси

- Тюрьмы Беларуси

- Законодательство России

- Деловая Украина

- Автомобильный портал

- The legislation of the Great Britain


Правовые новости





Закон Республики Беларусь от 23.07.2008 N 420-З "Аб Правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi"

Архив ноябрь 2011 года

<< Назад | <<< Главная страница

Стр. 3

| Стр.1 | Стр.2 | Стр.3 | Стр.4 |

Плыве над верасам хваёвы душны пах (П.Панчанка).

Насталi кароткiя туманныя асеннiя днi (Я.Колас).


3. Коскай аддзяляюцца аднародныя члены сказа, якiя звязваюцца памiж сабой злучнiкамi а, але, ды (у значэннi "але"), аднак, хоць, толькi i iнш.

Напрыклад:

Паўлюк толькi зiрнуў, але нiчога не сказаў (Я.Колас).

Сонца толькi што ўзышло, аднак прыгравала ўжо даволi горача (Э.Самуйлёнак).

Голас яго ўжо быў амаль звычайны, толькi хрыпеў... (I.Шамякiн).

I дзядзька быў рыбак выдатны, хоць больш урыўкавы, прыватны... (Я.Колас).

Дождж быў моцны, ды кароткi.


4. Коскай аддзяляюцца аднародныя члены сказа, якiя звязваюцца пры дапамозе парных злучнiкаў як ... так i; не толькi ... але (а) i; калi не ... то (дык); хоць ... але (а); хоць i не ... затое (аднак); не то што ... але i i iнш.

Напрыклад:

Пажар заўважылi як з баракаў, так i з пасёлка (П.Пестрак).

Мацi як несла патэльню яечнi на стол, так i застыла з ёю на паўдарозе (I.Шамякiн).

Каб не то што сказаць, але i падумаць нiхто кепскага не мог... (I.Мележ).

Якуб Колас - паэт, i паэт не толькi ў сваiх паэмах, але i ў прозе (Б.Сачанка).


5. Коскай аддзяляюцца адзiн ад аднаго аднародныя члены сказа, якiя звязваюцца пры дапамозе паўторных злучнiкаў i ... i, ды ... ды, то ... то, нi ... нi, не то ... не то, цi ... цi, цi то ... цi то, або (альбо) ... або (альбо) i iнш.

Напрыклад:

Я рад i сонцу, i вясне, i дожджыку (Я.Пушча).

Пазбiраць iх [людзей] толькi трэба ды на добрую дарогу наставiць, ды даць iм добрага камандзiра (Я.Колас).

Касцы iдуць то грамадою, то шнурам цягнуць, чарадою, то паасобку, то па пары... (Я.Колас).

Нi далеч, нi час не заслоняць мне родных бароў (Я.Колас).

Потым чуваць цi то птушыны шчэбет-перасвiст, цi то веснавое бульканне ручаiн (Я.Брыль).


6. Калi паўторныя злучнiкi i ... i, нi ... нi, то ... то звязваюць словы як аднародныя часткi ўстойлiвых (фразеалагiчных) выразаў, то ў iх перад гэтымi злучнiкамi коска не ставiцца.

Напрыклад:

i днём i ноччу, i туды i сюды, i смех i грэх, i смех i слёзы, i смех i гора, i скокам i бокам, i так i сяк, i так i гэтак, i тут i там, i вашым i нашым, i такi i гэтакi, i ў хвост i ў грыву;

нi так нi гэтак, нi бэ нi мэ, нi сёе нi тое, нi з таго нi з сяго, нi ўзад нi ўперад, нi жывы нi мёртвы, нi рыба нi мяса, нi кала нi двара, нi даць нi ўзяць, нi многа нi мала, нi больш нi менш, нi адтуль нi адсюль, нi свет нi зара, нi стаць нi сесцi, нi села нi пала, нi слуху нi духу, нi складу нi ладу, нi гневу нi ласкi, нi канца нi краю, нi сват нi брат, нi к сялу нi к гораду, нi ў кола нi ў мяла, нi ў пяць нi ў дзесяць, нi грозьбай нi просьбай, нi спору нi ўмалоту, нi дому нi лому;

то скокам то бокам, то сюды то туды, то ўзад то ўперад, то тое то сёе, то так то сяк i iнш.


7. Не аддзяляюцца коскай два аднародныя члены сказа, якiя звязваюцца паўторнымi злучнiкамi, калi яны паводле сэнсу i iнтанацыi ўтвараюць адзiнства.

Напрыклад:

Як хмары закрылi i сонца i зоры, пайшоў [Калiна] партызанiць да бору... (П.Броўка).

Вiтаю цябе я i соллю i хлебам! (Я.Купала).

I дзень i два яны ў дарозе (Я.Колас).

Цi вясною цi ўлетку шмат народу на палетку (А.Русак).


8. Коскай раздзяляюцца ўсе аднародныя члены сказа, калi папярэднiя з iх звязаны памiж сабой без злучнiкаў, а наступныя - пры дапамозе паўторнага злучнiка i.

Напрыклад:

Жыццё чулася ў траве, у гаёчку, i лясочку, на палях, i на лугах, i ў зялёненькiм лужочку, i ў крынiчных берагах (Я.Колас).

Дзень iграе на жалейцы, на трубе, i на ражку, i на сiнiм трыснягу (М.Танк).


9. Калi паўторны злучнiк i стаiць пасля першага аднароднага члена, перад злучнiкам таксама ставiцца коска.

Напрыклад:

У песнях жа родны край, родныя словы жылi, i жывуць, i жыць будуць (Я.Купала).


10. Коскай аддзяляюцца аднатыпныя пары аднародных членаў сказа, звязаных памiж сабой злучнiкам i. (У сярэдзiне пар коска не ставiцца.)

Напрыклад:

Паэтам сваёй справы павiнен быць кожны: каваль i iнжынер, матэматык i гiсторык, географ i выкладчык лiтаратуры (В.Вiтка).

Сосны i вязы, дубы i асiны вакол возера вартай пасталi (Я.Купала).


11. Калi злучнiк i звязвае больш як дзве пары аднародных членаў сказа, то перад iм ставiцца коска. (У сярэдзiне пар, звязаных памiж сабой злучнiкам i, коска не ставiцца.)

Напрыклад:

Лясы ў нашай краiне можна сустрэць вялiкiя i малыя, i густыя i рэдкiя, i хвойныя i змешаныя.


12. Калi злучнiк i звязвае неаднатыпныя пары аднародных членаў сказа, памiж iмi коска не ставiцца.

Напрыклад:

Удзень i ўночы над палямi i лясамi чулiся выбухi снарадаў i аўтаматная стралянiна (I.Мележ).


§ 47. Коска памiж словамi, якiя паўтараюцца


1. Коскай раздзяляюцца аднолькавыя словы i радзей - спалучэннi слоў, не звязаныя памiж сабой злучнiкамi (за выключэннем i, ды), якiя пераважна стаяць побач i паўтараюцца для сэнсавага падкрэслiвання працягласцi, бесперапыннасцi дзеяння, для колькаснага або эмацыянальнага выдзялення прадметаў, з'яў, асоб, для ўзмацнення прыкметы i ступенi якасцi, сцвярджэння або адмаўлення i iнш.

Напрыклад:

Плыве, плыве за хмарай хмара... (П.Трус).

Не веру, не веру i не веру. Гэтага не магло быць (К.Крапiва).

Нiколi, нiколi нiдзе не забыць, як хлопцы выходзяць адранкам касiць (П.Броўка).

I рэчка ёсць. А рыбы, рыбы! (Я.Колас).


2. Калi перад словам, якое паўтараецца, стаiць слова толькi або i толькi цi iменна, то коскамi выдзяляецца разам усё гэта спалучэнне.

Напрыклад:

Перад Лабановiчам усплыў вобраз Ядвiсi, i зноў аб ёй, толькi аб ёй, пачаў ён думаць (Я.Колас).

Значыць, ты з iм, iменна ты з iм, а не ён з табою (А.Кулакоўскi).

У яго, i толькi ў яго, хацела б яна вучыцца мужнасцi, высакародству, адданасцi справе (А.Васiлевiч).


3. Калi перад кожным словам, якое паўтараецца, стаiць злучнiк i, то перад iм ставiцца коска.

Напрыклад:

I гудуць, i гудуць па азiмай раллi трактары (М.Танк).

Глуха шэпча лес зялёны, i шумiць ён, i шумiць (Я.Колас).


Коска ставiцца перад далучальнымi злучнiкамi i, ды, якiя стаяць пры паўтораным слове з удакладненнем.

Напрыклад:

Я пакахаў цябе з дзяцiнства, i пакахаў да слёз (П.Трус).


4. Коскай не раздзяляюцца пры паўторным ужываннi словы, якiя стаяць побач:

два словы, звязаныя адзiночнымi злучнiкамi i, ды (у значэннi i): Хваля паветра дрыжыць i дрыжыць (Я.Колас). Кругом была вада i вада (Я.Маўр). Днi бягуць ды бягуць (Я.Колас);

два аднолькавыя або аднакаранёвыя словы, калi наступнае слова ўжываецца з адмоўем не: было не было, прасi не прасi, хочаш не хочаш, дагонiш не дагонiш, купiў не купiў, злавiў не злавiў, дрэва не дрэва, брат не брат, i ён не ён, насiць не перанасiць, вазiць не перавазiць, прасiць не дапрасiцца, чакаць не дачакацца, капаць не дакапацца, сказаць не скажаш, зрабiць не зробiш i iнш.;

два аднолькавыя словы, калi наступнае слова ўжываецца з часцiцай дык i паўтараецца для ўзмацнення меры дзеяння, ступенi якасцi: закiнуў дык закiнуў, падскочыў дык падскочыў, скакаць дык скакаць, страсянуў дык страсянуў, вецер дык вецер, паводка дык паводка, чалавек дык чалавек. Калi самалёт крута пайшоў унiз, Сашка не спалохаўся: скакаць дык скакаць (М.Лынькоў).


§ 48. Коска пры параўнальных зваротах


1. Параўнальныя звароты, якiя пачынаюцца злучнiкамi як, бы, як бы, нiбы, нiбыта, быццам, як быццам, што, як i, чым, выдзяляюцца коскамi.

Напрыклад:

Па небе хмары, як палотны, паўночны вецер рассцiлае (Я.Колас).

Дзяўчаты, нiбы русалкi, карагоды водзяць (П.Панчанка).

Поле, нiбыта падковай, акружана лесам (I.Навуменка).

Над возерам устае, быццам белая воўна, пахучы туман (З.Бядуля).

Зоры высыпаюць, бы iней... (Я.Колас).


2. Выдзяляюцца коскамi спалучэннi слоў як адзiн, як правiла, як звычайна, як знарок, як цяпер, як заўсёды i iнш.

Напрыклад:

Мы па сiгналу ваеннай трывогi ўсе, як адзiн, уставалi на бой (П.Глебка).

Пажылыя людзi памятаюць, як цяпер, дзень заканчэння Вялiкай Айчыннай вайны.

Каля магазiна, як заўсёды, збiраюцца вяскоўцы.


3. Пры параўнальных зваротах са злучнiкамi як, як быццам, чым i iншых у шэрагу выпадкаў коска не ставiцца.

Коска не ставiцца перад злучнiкамi як i чым у спалучэннях больш як (не больш як), больш чым (не больш чым), менш як (не менш як), менш чым (не менш чым), не блiжэй як, не далей як, не часцей як, не радзей як, не iначай як, усё роўна як i iнш., якiя выражаюць абмежаванне ў прасторы, часе, колькасцi.

Напрыклад:

Абоз расцягнуўся больш як на вярсту (Я.Колас).

Менш чым праз хвiлiну Несцяровiч вярнуўся ў хату (К.Чорны).


У такiх спалучэннях коска перад як i чым ставiцца тады, калi яны сэнсава i iнтанацыйна выдзяляюцца.

Напрыклад:

Лес патрэбен людзям не меней, чым хлеб (I.Навуменка).

Людзей у лесе было больш, як грыбоў (Я.Колас).


4. Не выдзяляюцца коскамi:

устойлiвыя выразы са злучнiкам як: як мага, як след, як мае быць, як належыць, як не ў сябе i iнш.

Напрыклад:

Трэба як належыць рыхтавацца ў дарогу.

Не паспеў Лабановiч як мае быць разгледзець гэтыя ўбогiя апартаменты вартаўнiка, як зараз жа выплыла з-за дрэў яго постаць (Я.Колас);


устойлiвыя параўнаннi з як: вiдна як днём, гол як сакол, галодны як воўк, злы як сабака, белы як палатно, белы як снег, пабляднеў як палатно, моцны як дуб, здаровы як бык, лёгкi як пярынка, няўклюдны як мядзведзь, патрэбны як паветра, чорны як сажа, цвёрды як камень, чырвоны як рак, цёмна як ноччу, хiтры як лiса, палахлiвы як заяц, халодны як лёд, баяцца як агню, берагчы (глядзець) як вока, ведаць як свае пяць пальцаў, маўчаць як рыба, бiцца як рыба аб лёд, не бачыць як сваiх вушэй, як рукой зняло, як рукой падаць, як кот наплакаў, растаў як снег, лопнуў як мыльны пузыр, прыстаў як смала, стаiць як укопаны, спаў як забiты, расце як на дражджах, адчуваць сябе як дома, усе як на падбор, як на далонi, як на iголках i iнш.


5. Не выдзяляюцца коскамi параўнальныя звароты, якiя з'яўляюцца iменнай часткай выказнiка.

Напрыклад:

Яны для мяне як бацькi (В.Быкаў).

Ты як песня тая (Я.Пушча).

Лiпа нiбы цёмная хмара за акном (Я.Брыль).


6. Коска не ставiцца перад параўнальным зваротам, калi перад iм ёсць часцiца не або прыслоўi зусiм, амаль.

Напрыклад:

Мiхась трымаўся не як сталы чалавек (Я.Колас).

Яны адчувалi сябе амаль як дарослыя людзi (Я.Колас).


7. Не выдзяляюцца коскамi звароты з як, калi яны ўжываюцца са значэннем "у якасцi" або са значэннем тоеснасцi.

Напрыклад:

Чмаруцьку ведаюць усе як чалавека з фантазiяй (М.Лынькоў).

Ён славiўся ў брыгадзе як выдатны падрыўнiк (I.Мележ).

Я захоўваю франтавыя пiсьмы братоў i сяброў як памяць аб iх.

Гэта кнiга выдадзена як дапаможнiк для студэнтаў.

Быў дзень як дзень.

Алесь быў хлопец як хлопец.


§ 49. Коска пры адасобленых азначальных зваротах i словах


1. Коскамi выдзяляюцца:

дапасаваныя азначэннi, выражаныя дзеепрыметнiкавымi i прыметнiкавымi словазлучэннямi, што стаяць пасля назоўнiка, якi паясняюць.

Напрыклад:

Мiж iмён, праслаўленых на свет, былi iмёны нашых блiзкiх i знаёмых (П.Глебка).

Вядома, няма ўжо таго пярэстага дывана, калi бела-сiнiм полымем палае дол, зарослы пралескамi (I.Навуменка).

Сiнявокая смуга, поўная цеплынi i ласкi, песцiла далёкiя лясы i купчастыя бярозы (Я.Колас);


дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi без паясняльных слоў, калi яны стаяць пасля назоўнiка, з якiм звязаны, i звычайна маюць падкрэсленую сэнсавую нагрузку.

Напрыклад:

Шумiць рака, вясёлая, жывая (А.Бачыла).

А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы i сухi (Я.Колас).

Хата, вымытая i прыбраная, чакала гасцей.

Лабановiч, зацiкаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду (Я.Колас);


дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi (з паясняльнымi словамi i без iх), калi яны стаяць перад назоўнiкам i маюць дадатковае акалiчнаснае адценне (прычыны, уступкi).

Напрыклад:

Узрушаны i выведзены з раўнавагi, старшыня грозна ўшчувае крыкуноў (Я.Колас).

Захоплены гэтаю новаю думкаю, Пракоп доўга не можа заснуць (Я.Колас).

Падахвочаныя, дужыя, хлопцы адразу ўзялiся за працу (Я.Колас);


дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi з паясняльнымi словамi i без iх, якiя адносяцца да назоўнiка (пераважна да дзейнiка) i стаяць перад iм, радзей - пасля яго, але аддзеленыя ад гэтага назоўнiка выказнiкам цi iншымi членамi сказа.

Напрыклад:

Магутныя ў сваёй велiчы, стаялi старыя дубы (I.Навуменка).

Мокрая i прыцiснутая асеннiм холадам, цяпер гэта раслiннасць усё яшчэ гусцiлася i ўпарта зелянелася (К.Чорны).

Iгнась вярнуўся дадому праз два тыднi, схуднелы, абарваны (У.Лiпскi);


дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi, адзiночныя i з паясняльнымi словамi, якiя адносяцца да асабовых займеннiкаў.

Напрыклад:

Пранiкнiцеся любоўю да маёй Беларусi, людзi. Велiчная i гордая, яна таго вартая (У.Караткевiч).

Радасная здагадка азарае мяне, i, здзiўлены, я паволi ўстаю ў акопе (В.Быкаў).

Пiльны, насцярожаны, ступiў ён у хату (I.Мележ).


Калi ў склад адасобленага азначальнага звароту ўключана iншая ўдакладняльная канструкцыя, то яна выдзяляецца коскамi: Навокал быў густы травянiсты луг, усыпаны, нiбы пацеркамi, расою... (Я.Сiпакоў).

Калi дапасаваныя азначэннi не маюць выражанага акалiчнаснага значэння, коска можа не ставiцца: Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамi дзеда Талаша i грамознага Мартына Рыля (Я.Колас).


2. Дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi, адзiночныя i з паясняльнымi словамi, адасабляюцца i выдзяляюцца коскамi i ў тым выпадку, калi пры iх займеннiк адсутнiчае, але падразумяваецца: Заняты думкамi, [я] i не заўважыў, як надышоў вечар.

3. Калi да аднаго назоўнiка або займеннiка ў сказе адносяцца некалькi адасобленых азначэнняў, выражаных дзеепрыметнiкавымi i прыметнiкавымi словазлучэннямi або адзiночнымi азначальнымi словамi, то яны раздзяляюцца коскамi як аднародныя члены сказа.

Напрыклад:

Данiла Платонавiч смяяўся шчыра i весела, гэтак жа як i яны, маладыя, бадзёрыя (I.Шамякiн).

Ён [дзiк], натапыраны, раз'юшаны, раз'ятраны, стаяў непадалёку ад толькi што вырытай ямкi i цяжка дыхаў - бакi яго хадзiлi ходырам (Б.Сачанка).


4. Не адасабляюцца i не выдзяляюцца коскамi дапасаваныя азначэннi, выражаныя адзiночнымi прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi, што стаяць пасля назоўнiка, якi паясняюць i з якiм утвараюць адно сэнсавае цэлае.

Напрыклад:

Плыве, гудзе шум гулкi, будаўнiчы... (Я.Купала).

Травою спелаю, мурожнай уся запахла сенажаць (А.Астрэйка).


5. Не выдзяляюцца коскамi дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi (з паясняльнымi словамi або без iх), якiя пры цеснай сувязi з дзеясловам становяцца iменнай часткай выказнiка.

Напрыклад:

Саша iшла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй (I.Шамякiн).

А лес, як добры той знаёмы, стаiць збялелы, нерухомы (Я.Колас).


6. Адасабляюцца i выдзяляюцца коскамi:

недапасаваныя азначэннi, выражаныя назоўнiкамi ва ўскосных склонах (з паясняльнымi словамi i без iх), з прыназоўнiкамi i, радзей, без прыназоўнiкаў.

Напрыклад:

Без шапкi, у адной гiмнасцёрцы, Васiль з усяе сiлы працаваў вёсламi (I.Шамякiн).

Хутчэй бы прыйшла зiма, белая i маладая, з малiнавымi маразамi, са звонам канькоў на лёдзе i навагодняй ёлкай (П.Панчанка).

На гарадок паўзла цёмна-шызая хмара, з ружова-серабрыстымi беражкамi (С.Грахоўскi);


прыдаткi, якiя адносяцца да асабовых займеннiкаў i звычайна стаяць пасля iх, зрэдку - перад займеннiкам.

Напрыклад:

I толькi ён, мароз заўзяты, мароз занадта зухаваты, адзiн па лесе пахаджае... (Я.Колас).

Вунь яны цягнуцца, варожыя акопы (А.Марцiновiч).

Сын леснiка, я сам з маленства любiў палiць касцёр, пасядзець ля вогнiшча (I.Шамякiн);


прыдаткi, якiя адносяцца да назоўнiкаў, стаяць пасля iх i не ўтвараюць з iмi цеснага сэнсавага адзiнства, у тым лiку i тыя, што далучаюцца пры дапамозе злучнiка як (з адценнем прычыны).

Напрыклад:

I мядзведзь, даўнi ўладар пушчаў, таксама прабiвае сабе сцежку, прыходзячы з далёкiх нязведаных сховаў (П.Пестрак).

Сцяпана, як смелага салдата, часта пасылалi ў разведку (В.Быкаў);


прыдаткi, якiя з'яўляюцца ўласнымi iмёнамi, стаяць пасля агульнага назоўнiка i маюць удакладняльнае значэнне (перад iмi можна без змены сэнсу ўставiць словы гэта значыць, а iменна).

Напрыклад:

Часцей заходзiць туды i старшыня, Захар Лемеш (Я.Колас).

Гэта быў наш сусед, Iван Бразоўскi, Шуркаў бацька (Я.Брыль);


прыдаткi, якiя адносяцца да ўласнага iмя, стаяць пасля яго i маюць удакладняльнае значэнне.

Напрыклад:

Ганна, мацi Лабановiча, была жанчына добрая, працавiтая, руплiвая... (Я.Колас).

Самай выдатнай фiгурай Адраджэння быў Францыск Скарына, сын купца з Полацка (У.Караткевiч).


Перад уласным iмем i агульным назоўнiкам прыдатак адасабляецца толькi тады, калi мае дадатковае акалiчнаснае значэнне: Пiсьменнiк-псiхолаг, Колас вельмi добра разумеў чалавечыя характары (I.Шамякiн).

Два прыдаткi, якiя стаяць перад уласным iмем, коскамi не аддзяляюцца, тры i болей - аддзяляюцца: доктар тэхнiчных навук прафесар Сiдарчук I.М.; начальнiк штаба капiтан Дзянiсаў; доктар тэхнiчных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь Мацкевiч Ю.Ф.; дэкан, доктар хiмiчных навук, прафесар Васiльеў А.А. i iнш.

Пасля ўласнага iмя прыдаткi такога тыпу аддзяляюцца коскамi: М.I.Смяян, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, акадэмiк Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

7. Выдзяляецца коскамi прыдатак да назоўнiка або асабовага займеннiка, якi ёсць або падразумяваецца ў папярэднiм сказе цi ў частцы складанага сказа: Дзе ж падзеўся той Сымон? Цi дзе ходзiць спазарання, непаседа-ветрагон? (Я.Колас).


§ 50. Коска пры адасобленых акалiчнасцях i акалiчнасных зваротах


1. Коскай выдзяляюцца акалiчнасцi, выражаныя дзеепрыслоўнымi зваротамi, незалежна ад iх месца ў сказе.

Напрыклад:

Шчасце ў працы знайшоўшы, добра ў полi араць (П.Броўка).

Нiзкiя сонечныя прамянi, яшчэ не абласкаўшы зямлю, знаходзiлi беласнежную кiпень яблынь i запальвалi яе ружовым святлом (В.Карамазаў).


2. Акалiчнасцi, выражаныя дзеепрыслоўнымi зваротамi, якiя з'яўляюцца ўстойлiвымi выразамi, коскамi не аддзяляюцца.

Напрыклад:

Яны працавалi не пакладаючы рук (З.Бядуля).

I слухаюць яго вушы развесiўшы (А.Макаёнак).

Растуць яны [дзецi] тут у нас на лес гледзячы (Я.Брыль).


3. Выдзяляецца коскамi акалiчнасць, выражаная адзiночным дзеепрыслоўем пры дзеяслове-выказнiку.

Напрыклад:

Раз-пораз стукалi, падаючы, спiлаваныя дрэвы (П.Галавач).

Успыхвалi, трапечучы, белыя ракеты (I.Мележ).

I нечакана над самай галавою раскалоўся гром, затрашчала, ломячыся, дрэва (В.Адамчык).


4. Акалiчнасцi, выражаныя адзiночнымi дзеепрыслоўямi, не адасабляюцца i не выдзяляюцца коскамi, калi стаяць пасля дзеяслова-выказнiка i сваiм значэннем наблiжаюцца да прыслоўя спосабу дзеяння цi часу.

Напрыклад:

Бацька доўга сядзiць задумаўшыся, i я не чапаю гэтых дум (Я.Скрыган).

Лена бегла не азiраючыся (М.Лынькоў).

Не хвалiся сеўшы, а хвалiся з'еўшы (Прыказка).

Людзi хутка ўстаюць, спяшаючыся апранаюць сваё скураное адзенне (Э.Самуйлёнак).


5. Перад злучнiкам i, якi звязвае дзве акалiчнасцi, выражаныя адзiночнымi дзеепрыслоўямi або дзеепрыслоўнымi зваротамi, а таксама прыслоўем з дзеепрыслоўем, коска не ставiцца, як пры аднародных членах сказа.

Напрыклад:

Смеючыся i жартуючы, дзецi iшлi да рэчкi (Я.Колас).

Крушынскi гаварыў цiха i не пазiраючы на госця (З.Бядуля).


Пры бяззлучнiкавай сувязi памiж такiмi акалiчнасцямi коска ставiцца.

Напрыклад:

Ганна, не азiраючыся, не слухаючы нiчога, пералазячы платы, напрасткi праз мокрыя, па-асенняму голыя агароды паляцела да Васiлёвага селiшча (I.Мележ).

Конь выцягнуў воз на цвярдзейшую дарогу i пайшоў раўней, не спяшаючыся (К.Крапiва).

Панiзiўшы голас, шэптам дзед сказаў з узрушэннем: "У лес трэба перабiрацца..." (Я.Колас).


6. Калi акалiчнасць, выражаная адзiночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, знаходзiцца памiж аднароднымi дзеяслоўнымi выказнiкамi, звязанымi злучнiкам i, то яны выдзяляюцца коскамi без злучнiка.

Напрыклад:

Сонца апусцiлася зусiм нiзка i, стамiўшыся, пачало хiлiцца на захад (Б.Сачанка).

Стараста слухаў, прыплюшчыўшы вочы, i толькi згаджаўся (Я.Колас).


7. Не аддзяляецца коскай акалiчнасць, выражаная дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, перад якой стаiць узмацняльная часцiца i.

Напрыклад:

Штосьцi трэба рабiць i не атрымаўшы звестак (А.Кулакоўскi).

Антон умее гаварыць i не падумаўшы як след (П.Галавач).


8. Калi спалучальны злучнiк, што звязвае два аднародныя дзеяслоўныя выказнiкi, стаiць памiж адасобленымi акалiчнасцямi, выражанымi дзеепрыслоўнымi зваротамi цi адзiночнымi дзеепрыслоўямi, якiя адносяцца да розных выказнiкаў, то коска ставiцца перад злучнiкам i пасля яго.

Напрыклад:

Iван зацяў дыханне, стараючыся як найлепей пацэлiць, i, трошкi не падпусцiўшы сабаку да каменя, стрэлiў (В.Быкаў).

Удвух з Андрэем неслi яны сетку на бераг, трымаючы вусцем угору, i, толькi адышоўшыся далей ад вады, перавярнулi яе кулём на дол (Я.Колас).


9. Калi акалiчнасць, выражаная дзеепрыслоўным зваротам або адзiночным дзеепрыслоўем, стаiць пасля злучнiка цi злучальнага слова, якое звязвае часткi складанага сказа, то яна аддзяляецца коскай без гэтага злучнiка.

Напрыклад:

Чуеш ты, як звоняць цiха, як, палi вiтаючы свае, недзе ўнучка слуцкае ткачыхi пра вясну шчаслiвая пяе (М.Танк).

Жанчына сядзела перабiраючы фартух. А потым паглядзела ў акно i, не чакаючы маёй просьбы, цiха пачала сваё апавяданне (А.Васiлевiч).

Сонца, зрабiўшы свой штодзённы кругабег, апусцiлася зусiм нiзка i, стамiўшыся, пачало хiлiцца на захад (Б.Сачанка).


10. Выдзяляюцца коскамi акалiчнасцi, выражаныя дзеепрыслоўным зваротам, i адзiночнае дзеепрыслоўе ў пазiцыi пасля злучнiка а, якi звязвае два аднародныя дзеяслоўныя выказнiкi з супрацьлеглым значэннем.

Напрыклад:

Лабановiч не спынiўся, а, выбраўшы больш зручнае месца, смела рушыў наперад (Я.Колас).

Ён не гаварыў, а, махаючы кулакамi, крычаў (П.Пестрак).


11. Калi злучнiк а па сэнсе непасрэдна звязаны з акалiчнасцю, выражанай дзеепрыслоўем, тады пасля яго коска не ставiцца.

Напрыклад:

Рыгор доўга шукаў выхад, а знайшоўшы, весела ўсмiхнуўся i выйшаў з кватэры (Ц.Гартны).

Садзiлася [сонца] на хвалi велiзарным чырвоным кругам, а сутыкнуўшыся з вадою, увачавiдкi змянiла форму (А.Кулакоўскi).


12. Акалiчнасць, выражаная адзiночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, пры якiх стаяць часцiцы толькi, нават, разам з iмi аддзяляецца коскай.

Напрыклад:

Толькi прайшоўшы амаль паўдарогi, [дзед] запытаў: - Ну, а як у цябе ў школе? (П.Броўка).

Нават узяўшы кнiгу першы раз у рукi, разумееш, як табе пашчасцiла.

З краю на лясных прагалах стаялi маладыя бярозкi, толькi-толькi выпускаючы пахучыя лiсточкi i надаючы лесу асаблiвую чароўнасць (Я.Колас).


13. Калi адасобленая акалiчнасць, выражаная адзiночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, звязана з астатняй часткай сказа злучнiкамi нiбы, як бы, быццам i iнш., то коска ставiцца перад адпаведным злучнiкам.

Напрыклад:

Яна [машына] то бегла весела, жвава, калi было роўна, то гула i стагнала, быццам злуючыся, што яе не пускаюць (Я.Скрыган).

Бушмар правёў рукою па твары, як бы знiмаючы з яго штосьцi чужое i непрыемнае (К.Чорны).

Леначка прыпала тварам да маiх грудзей, нiбы хаваючы яго i ад мяне i ад сябе (Я.Брыль).


14. Пры адасобленай акалiчнасцi, выражанай дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, замест коскi можа ставiцца працяжнiк, калi дзеепрыслоўе выразна выдзяляецца сэнсава.

Напрыклад:

Не шукаючы - не знойдзеш (Прыказка).

I памагаць яму трэба - умеючы (Я.Брыль).


15. Выдзяляецца коскамi акалiчнасць, выражаная назоўнiкамi ва ўскосных склонах з прыназоўнiкамi насуперак, у адпаведнасцi, са згоды i iншымi са значэннем прычыны, умовы, уступкi, спосабу дзеяння.

Напрыклад:

Насуперак лiхой стыхii, на гэтай згруджанай жарстве, узняўшы вежы залатыя, прыгожы горад расцвiце (П.Глебка).

Максiма ў ваенна-марское вучылiшча не прынялi, i ён, наперакор жаданню бацькоў, на злосць усiм, паехаў у марскi тэхнiкум (I.Шамякiн).

Дваццаць восьмага лiпеня, у вынiку абыходнага манеўру i баявой атакi, войскi Першага Беларускага фронта авалодалi Брэстам (У.Карпаў).

У выпадку якой патрэбы, звяртайцеся па дапамогу (I.Шамякiн).

Нягледзячы на трывожны час, рынак жыў сваiм звычайным жыццём (А.Якiмовiч).

У адпаведнасцi з законам, кожны мае права на працу.


Пры такiх акалiчнасных канструкцыях з некаторымi прыназоўнiкамi дапускаецца адсутнасць коскi, калi яны сэнсава i iнтанацыйна не выдзяляюцца.

Напрыклад:

А млын - добры пункт, дзе можна ў выпадку патрэбы схавацца (З.Бядуля).

У адпаведнасцi з надвор'ем гэтак жа часта змяняе свой колер i возера (В.Вольскi).


16. Коскамi выдзяляюцца iнфiнiтыўныя звароты, калi яны далучаюцца да выказнiка пры дапамозе злучнiкаў каб, для таго каб, з тым каб, замест таго каб i iнш.

Напрыклад:

На тое ён i лес, каб шумець (К.Крапiва).

Зрабiлi б што-небудзь карыснае, замест таго каб гуляць.


17. Не выдзяляецца коскамi iнфiнiтыўны зварот з каб, калi ён уваходзiць у пытальную сiнтаксiчную канструкцыю з пачатковым што: Што каб пайсцi ў адпачынак? А што каб сказаць? А што каб запрасiць iх у госцi? i iнш.

18. Коскамi могуць выдзяляцца акалiчнасцi, выражаныя прыслоўямi або прыслоўнымi зваротамi, што адносяцца да выказнiка i маюць значэнне заўвагi.

Напрыклад:

Хведар бег, аслабела i няўцямна, ужо не выбiраючы шляху (В.Быкаў).

Сабака ўсё брахаў, заложна i аднатонна (К.Крапiва).


§ 51. Коска пры словах i спалучэннях слоў, якiя ўдакладняюць або абмяжоўваюць значэнне iншых слоў у сказе


1. Коскамi выдзяляюцца акалiчнасцi, выражаныя словамi i спалучэннямi слоў са значэннем месца, часу, спосабу дзеяння i iнш., якiя стаяць побач i ўдакладняюць, канкрэтызуюць цi ўзмацняюць сэнс папярэднiх слоў, што маюць больш шырокае значэнне.

Напрыклад:

Тут, на высокай i даволi прасторнай пляцоўцы, i знайшло сабе цiхi прыпынак сяло Верхань (Я.Колас).

За дваром, на бярозах, была пасека - больш за дзясятак лiпавых вулляў (М.Лупсякоў).

Адтуль, недзе з-за ўзгорка, даносiлiся невыразныя, як бы прыглушаныя, гукi (К.Крапiва).

А было гэта тыдзень таму, у нядзелю, пад вечар (Я.Брыль).


2. Калi другая акалiчнасць мае больш шырокае значэнне, чым папярэдняя, то яна не ўдакладняе, а толькi паясняе папярэднюю i коскамi не выдзяляецца.

Напрыклад:

Зусiм iнакш iшло жыццё ў сасняку за горадам, дзе быў штаб фронту (I.Мележ).

Яшчэ зранку на другi дзень па вёсцы панеслася чутка пра гэта здарэнне.


3. Калi другая акалiчнасць у адносiнах да папярэдняй мае больш вузкае значэнне, але па сэнсе i iнтанацыйна не выдзяляецца, то памiж iмi коска не ставiцца.

Напрыклад:

А там за возерам, як струнка, пралегла роўненька чыгунка (Я.Колас).

На балоце паабапал дарогi раслi кусты лазы i алешнiку (Я.Колас).

Дзялiлi лужок найчасцей у нядзелю пад вечар (Я.Брыль).


4. Калi ў сказе стаяць побач адна за адной тры i больш акалiчнасцi, з якiх наступная ўдакладняе папярэднюю, але апошняя не мае ўдакладняльнага значэння, то пасля яе коска не ставiцца.

Напрыклад:

Там, на ўзлессi, на высокiм дрэве з разгалiстай кронай у гняздзе шчабяталi птушаняты.


5. У творах мастацкай лiтаратуры i ў перыядычным друку пры выдзяленнi ўдакладняльных акалiчнасцей з узмацняльным значэннем часам ужываецца працяжнiк.

Напрыклад:

Стрэлы чутны толькi недзе далёка - у лесе (Я.Скрыган).


6. Коскамi выдзяляюцца акалiчнасцi, выражаныя словамi i спалучэннямi слоў, якiя ўдакладняюць, падкрэслiваюць значэнне папярэдняга прыметнiка, займеннiка i iнш.

Напрыклад:

З яснага, без адзiнай хмурынкi, глыбокага неба россыпам зорак свяцiў поўны месячык (I.Шамякiн).

Крыху далей стаяла невялiкая, хат на дзесяць, вёсачка (Я.Сiпакоў).

Хвалiстыя, доўгiя, ледзь не ў пояс, валасы... былi незвычайнага, попельнага колеру (Т.Бондар).


7. Коскамi выдзяляюцца спалучэннi слоў i асобныя словы, якiя ўдакладняюць або абмяжоўваюць, выдзяляюць цi ўзмацняюць сэнс папярэднiх цi наступных слоў, далучаючыся да iх непасрэдна або пры дапамозе выразаў у тым лiку, у тым лiку i, апрача (апроч), акрамя, амаль, за выключэннем, галоўным чынам, па прозвiшчы (па мянушцы i iнш.), гэта значыць, так званы, або, цi (у значэннi "гэта значыць"), асаблiва, нават, напрыклад, як, у прыватнасцi, i ў прыватнасцi, i прытым i iнш.

Напрыклад:

Усе палешукi, у тым лiку i стараста, пiсаць не ўмелi (Я.Колас).

Вада ў Нёмане, нават каля берага, не iдзе, здаецца, а бяжыць (Я.Брыль).

Усе птушкi, i нават непаседлiвыя крыклiвыя вераб'i, схавалiся ад навальнiцы (Я.Маўр).

Добра памагае падбел супроць падагры, цi, як цяпер кажуць, адкладання солi (В.Вольскi).


8. Калi спалучэннi слоў з апрача, акрамя i iншымi маюць пры сабе ўзмацняльную часцiцу i, то яны звычайна коскамi не выдзяляюцца.

Напрыклад:

Пабываў ля крынiцы нехта i акрамя нас.


§ 52. Коска пры пабочных i ўстаўных канструкцыях


1. Коскамi выдзяляюцца пабочныя словы i канструкцыi, якiя стаяць у сярэдзiне або ў пачатку сказа: безумоўна, бясспрэчна, вядома, канечне, зразумела, напэўна, сапраўды, праўда, пэўна, вiдавочна, вiдаць, здаецца, здавалася, мабыць, магчыма, можа, мусiць, няйначай, бадай, знаць, нябось, часам, бывае, бывала, як вядома, як вiдаць, па ўсiм вiдаць, можа быць, чаго добрага, таго i глядзi, само сабой разумеецца i iнш.

Напрыклад:

I я, безумоўна, шчаслiвы i рад, што добра зародзiць густая пшанiца (П.Глебка).

Лабановiч, вiдавочна, быў задаволены, што не трэба доўга шукаць фурманкi (Я.Колас).

Захар Крымянец зiрнуў на зоркi, падумаў пра мароз, якi, няйначай, збярэцца да ранiцы (М.Лынькоў).

Але расстацца нам час наступае; пэўна, ужо доля такая ў нас (М.Багдановiч).

Хацелася мне, вядома, пачуць ад Коласа нешта незвычайнае, важнае (Я.Брыль).

Не можа быць, канечне, i размовы, каб дарослы чалавек нацкаваў юнака на юнака (У.Караткевiч).

Адразу пасвятлела. Вiдаць, ужо ўзышло сонца (I.Мележ).

Як радасна ён сустракаў, бывала, Вялiкдзень (Я.Колас).


2. Не выдзяляюцца коскамi тыя словы, якiя ўжываюцца ў ролi мадальнай часцiцы або са значэннем прыслоўя i выражаюць сцвярджэнне, узмацненне: можа, няйначай, пэўна, напэўна, канечне, сапраўды, часам, бывае, бывала, бадай, бадай што, мо (усечаная форма слова можа) i iнш., а таксама словы вiдаць, здавацца, якiя ў сказе выступаюць выказнiкам.

Напрыклад:

Можа за якой паўгадзiны батальён па вузкiх i слiзкiх ходах, траншэях быў выведзены ў лагчыну... (I.Шамякiн).

Цяпер зiма напэўна ляжа (Я.Колас).

Такiя корчмы-станцыi Мiнскi тракт меў бадай праз кожныя дзесяць кiламетраў (З.Бядуля).

Мiкiта - нелюдзiмы, удзень яго бадай што i не спаткаеш на людзях... (Я.Колас).

Дымiць туман. Мо лепш перачакаць, пакуль зара не прыадчынiць дзверы? (М.Танк).

Адтуль вiдаць адразу пяць азёр (Я.Брыль).

Часамi Лабановiчу здавалася, што вынiкi дасягнуты нязначныя (Я.Колас).


3. Выдзяляюцца коскамi спалучэннi слоў i сказы, якiя маюць значэнне эмацыянальнай ацэнкi фактаў рэчаiснасцi, а таксама перадаюць пачуццёвую рэакцыю на тыя факты, пра якiя гаворыцца ў сказе: на жаль, на вялiкi жаль, на шчасце, як на тое шчасце, на маё здзiўленне, як на тое лiха, як на грэх, як на тую бяду, хвароба на iх i iнш.

Напрыклад:

Аж тут, як на тое шчасце, стаiць сагнутая бярэзiна (С.Грахоўскi).

Хата была, на шчасце, ужо абжытая (П.Пестрак).

Але, на маё здзiўленне, ён адказвае зусiм не так, як я думаў (А.Асiпенка).

Як на грэх, лоў быў шчаслiвы (Я.Колас).

Нават сорам на хатнiх зiрнуць: цi не ўцямiлi, хвароба на iх, ад чаго мой тварык смяецца, ад чаго маё сэрцайка б'ецца (М.Багдановiч).


4. Коскамi выдзяляюцца словы, спалучэннi слоў i сказы, якiя паказваюць на крынiцу паведамлення, на прыналежнасць выказанай думкi: па-мойму, па-твойму, па-ягонаму, па-вашаму, па-iхняму, маўляў, думаю, на мой погляд, з пункту гледжання (каго-небудзь), на думку (каго-небудзь), як вядома, як кажуць, як людзi кажуць, як той казаў i iнш.

Напрыклад:

Гэта, па-мойму, i ёсць сапраўдная сувязь з жыццём (К.Чорны).

Выходзiць, па-ягонаму, што ледзь не самi мы вiнаваты, а не той, што наша дабро крадзе (Я.Брыль).

Яшчэ, як той казаў, не ўсё скончана (Я.Брыль).


5. Коскамi выдзяляюцца словы, спалучэннi слоў i сказы, якiя перадаюць адносiны да спосабу выражэння думкi, матывацыю спосабу выказвання цi выбару стылiстычных сродкаў мовы: адным словам, словам, што называецца, скажам, як гаворыцца, як гэта гаворыцца, iнакш кажучы, карацей кажучы, уласна кажучы, прасцей кажучы, шчыра кажучы, не пры вас кажучы, праўдзiвей сказаць, папраўдзе сказаць, так сказаць, з дазволу сказаць, я сказаў бы i iнш.

Напрыклад:

Скажам, аб вадзе гамонкi не было спрадвек, бо хапала нам заўсёды i азёр, i рэк (А.Астрэйка).

Шчыра кажучы, я толькi лiчуся брыгадзiрам (А.Асiпенка).


6. Коскамi выдзяляюцца словы, спалучэннi слоў i сказы, што выражаюць адносiны гаворачай асобы да слухача: бачыш (бач), прызнацца, кажаш, кажаце, ведаеш, ведаеце, разумееш, разумееце, паверце, выбачайце, даруйце, даруйце мне, калi ласка, калi хочаце ведаць, цi дасце веры, зрабiце ласку i iнш.

Напрыклад:

Але ж язык у цябе, даруй мне, як тая мянташка (М.Лынькоў).

Напiшы мне, калi ласка, пiсямко дахаты! (Я.Колас).

Я, шчыра прызнацца, i загад на вас падрыхтаваў (А.Асiпенка).


7. Коскамi выдзяляюцца словы i спалучэннi слоў, якiя служаць сродкамi сувязi асобных частак выказвання i ўказваюць на паслядоўнасць, абмежаванне, удакладненне, супастаўленне або аб'яднанне частак тэксту, на выражэнне вынiку, заключэння i пад.: па-першае, па-другое, па-трэцяе i iнш., першае, другое, трэцяе i iнш., нарэшце, значыць, дарэчы, наогул, аднак, прынамсi, наадварот, з аднаго боку, з другога боку, у сваю чаргу, разам з тым, у прыватнасцi, мiж iншым, мiж тым, да таго ж, такiм чынам, галоўным чынам, па крайняй меры i iнш.

Напрыклад:

Турсевiч - гэта мой настаўнiк i мой зямляк, прынамсi, аднае воласцi (Я.Колас).

Валодзька выпрасiў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён (Я.Брыль).

Спазнiлiся, аднак, на вялiкае спатканне, трэба было раней (В.Быкаў).

Мiкола быў, мiж тым, дома (К.Чорны).

З другога боку, Ядвiсi было цiкава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнiк... (Я.Колас).

Па крайняй меры, для яго нiчога ўжо не будзе (В.Быкаў).

Такiм чынам, усе няяснасцi, сумненнi, прынесеныя Саўкам, цяпер развеялiся (Я.Колас).


8. Калi слова нарэшце не выконвае функцыi пабочнага слова i выражае часавае значэнне, то яно коскамi не выдзяляецца.

Напрыклад:

Нарэшце да Панаса падыходзiць шырокi чалавек з жорсткiмi вусамi (Я.Колас).

Тым часам поезд з кожнай хвiлiнай наблiжаўся да вакзала i нарэшце спынiўся (Я.Колас).


Калi слова аднак у пачатку сказа цi другой часткi складаназлучанага сказа i пры аднародных членах ужываецца як супрацiўны злучнiк, яно коскай не аддзяляецца.

Напрыклад:

Турку стала лягчэй ад тае пахвалы, аднак ён прастадушна прызнаўся (В.Быкаў).

Трэба было паспаць. Аднак чамусьцi не спалася.


9. Спалучэннi слоў мiж тым, тым не менш, да таго ж, якiя ўжываюцца ў пачатку сказа або другой часткi складанага сказа, выконваюць функцыю злучнiка i коскай не аддзяляюцца.

Напрыклад:

У вас на мястэчка многа сiлы не патрабуецца, мiж тым вакол вялiкая патрэба ў людзях (Ц.Гартны).

На дварэ ноч. Мiж тым спаць не хочацца (I.Мележ).

Тым не меней ён [Лабановiч] устаў i рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына (Я.Колас).

Да таго ж Мiнiч яшчэ меў недахоп у вымаўленнi: ён шапялявiў (Я.Колас).


10. Коскамi выдзяляюцца словы i спалучэннi слоў, якiя не маюць уласна сiнтаксiчнага значэння i ўводзяцца ў сказ без якой-небудзь матывацыi: гэта, гэта самае, ну, вот, само сабой, знацца, значыцца, стала быць, так сказаць, брат ты мой, тудэма-сюдэма, калiна-малiна i iнш.

Напрыклад:

Зусiм не тое выйшла, зусiм не тое, што трэба было нашай, значыцца, вёсцы (М.Лынькоў).

Проста, ну, сiмпатызуюць адзiн другому маладыя, хiба ж iм i не пагаварыць, хiба ж iм i не пасмяяцца (М.Лынькоў).

Тудэма-сюдэма, куды тут садзiцца! (Я.Купала).

Чаго яны, калiна-малiна, там? (I.Мележ).


11. Коскамi выдзяляюцца пабочныя словы i спалучэннi слоў, якiя ўваходзяць у склад iншых пабочных цi ўстаўных сказаў, адасобленых зваротаў, удакладняльных цi iншых выдзеленых знакамi прыпынку частак сказа.

Напрыклад:

Немцы, як ты, мабыць, ведаеш, аднавiлi завод у Гудове (Б.Сачанка).

Боты - i выцер iх, здаецца! - усё ж такi наслядзiлi на чыстай чырвонай падлозе (Я.Брыль).

Не будку мае Жук - палацы (хоць не свае, вядома, працы) (К.Крапiва).

Людзi слухалi ўважлiва, баючыся, вiдаць, прапусцiць хоць адно слова (П.Пестрак).

Мы зайшлi ў крайнюю хату, пабудаваную, напэўна, пасля вайны.

Не чакаючы, як вiдаць, далейшай размовы, жанчына хутка выйшла з хаты (П.Галавач).


12. Калi пабочнае слова стаiць перад адасобленым зваротам, пабочным сказам або ўдакладняльнай канструкцыяй, то яно ўваходзiць у iх склад i коскай не аддзяляецца.

Напрыклад:

Старшыня iмклiва абыходзiць вакол машыны, няйначай прыглядаючыся неспакойным вокам да яе паклажы (I.Шамякiн).

Плылi ў вясновую сiнь за акно мяккiя акорды, уздыхала мора, i, можа заслухаўшыся гэтай музычнай вясной, не падавалi свайго голасу гарматы (I.Навуменка).

Аднекуль, мабыць з печы, да iх кiнулася жанчына (В.Быкаў).


13. Памiж пабочнымi словамi, спалучэннямi слоў i сказамi, якiя iдуць адно за адным, ставiцца коска.

Напрыклад:

Словам, на наша шчасце, хата нейкiм чынам уцалела (З.Бядуля).

Само сабой, канечне, паставiлi мы i хату (Б.Сачанка).


14. Пабочныя словы, спалучэннi слоў i сказы аддзяляюцца коскамi ад папярэднiх злучнiкаў, якiя звязваюць члены сказа або часткi складанага сказа.

Напрыклад:

Санкоўскi з ходу далучыўся да песнi, i, можа, ад таго яна загучала яшчэ энергiчней (П.Пестрак).

Твае [мацi] у мяне бровы, твой лоб i нос. Твой неспакой. I, пэўна, твой лёс (А.Вярцiнскi).

Маёр спынiўся каля дзвярэй, заплюшчыў вочы i, здалося мне, пахiснуўся (I.Шамякiн).

Тады спрэчкi не разлучалi iх, а, наадварот, яшчэ болей умацоўвалi (Я.Колас).


15. Злучнiк а, калi ён складае адно цэлае з наступным пабочным кампанентам сказа, не аддзяляецца ад апошняга коскай: а можа, а магчыма, а значыцца, а мiж iншым, а па-другое.

Напрыклад:

- I штаб па кiраўнiцтву партызанскiм рухам будзе? - пытаў Багавiк.

- Будзе. А можа, ён ужо i ёсць (В.Быкаў).


16. Не аддзяляецца коскай ад пабочных кампанентаў узмацняльная часцiца i.

Напрыклад:

I сапраўды, гэта не кепская думка! (Я.Колас).

Дожджык, i праўда, так i поўз за каўнер (Я.Брыль).


17. Коска не ставiцца памiж пабочнымi словамi i часцiцамi, якiя да iх адносяцца i стаяць пасля iх.

Напрыклад:

Можа б ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? (Я.Колас).

Ну, напэўна ж ёсць прычына, калi кпiць з цябе яна? (Я.Колас).


18. Коскамi выдзяляюцца ўстаўныя словы, спалучэннi слоў i сказы, якiя выконваюць удакладняльную функцыю (тлумачэннi, заўвагi, дадатковыя звесткi i iнш.).

Напрыклад:

Доўгi час Закружжа, так называлi вёску прышлыя людзi, з навакольным светам звязвала звычайная лясная сцежка (А.Асiпенка).

Вiхрасты хлапчук, яму было год шэсць, штосьцi мармытаў праз сон i смяяўся (К.Чорны).


§ 53. Коска пры зваротку


1. Коскамi выдзяляюцца звароткi ў пачатку, у сярэдзiне i ў канцы сказа разам са словамi, якiя адносяцца да iх.

Напрыклад:

Сонца, умыйся расою на свiтальнай зары (А.Бялевiч).

Занiмай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад мiж народамi!.. (Я.Купала).

Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваiм (М.Танк).

Дык уздымi свой голас-звон з глыбiнь душы, пясняр свабоды (К.Буйло).

Вiдаць, па сур'ёзных справах да нас, Надзя? (М.Лынькоў).


2. Калi зваротак раздзяляецца на часткi iншымi словамi, то кожная з iх выдзяляецца коскамi.

Напрыклад:

Ой ты, мая рыбка, спi, залатая!


3. Калi памiж звароткамi-паўторамi ёсць займеннiк ты або вы, то ён адносiцца да першага зваротка i коска ставiцца пасля займеннiка.

Напрыклад:

Лета ты, лета прыгожа-квяцiстае, колькi ты ўносiш аздобы з сабой! (Я.Купала).


§ 54. Коска пры выклiчнiках i гукаперайманнях


1. Коскамi аддзяляюцца выклiчнiкi, калi яны не маюць падкрэсленай клiчнай iнтанацыi i знаходзяцца ў пачатку цi ў сярэдзiне сказа.

Напрыклад:

Ах, дружа-клён! Ну як яго не ўспомнiць?.. (П.Трус).

Мiлая! О, колькi радасцi даеш майму ты сэрцу маладому! (Я.Купала).

Ох, нашто ж ты, ночка, так прыгожа-мiла? (Я.Колас).

Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! (Я.Колас).

Эй, дзяцюк малады, не тужы, не глядзi ты скрозь слёзы на свет... (Я.Купала).


2. Коскамi аддзяляюцца выклiчнiкi i гукаперайманнi, калi яны знаходзяцца ў сярэдзiне або ў канцы сказа цi паўтараюцца.

Напрыклад:

Раздолле ў лузе, эх, раздолле! (Я.Колас).

Шкада, ай, як шкада Iлiко (Э.Самуйлёнак).

Колькi ў лесе грыбоў, ай-яй-яй! (З.Бядуля).

Ну, ну, пашавельвайся, - падганяў ён Алеся (К.Крапiва).

Толькi ў другой палавiне, дзе спяць гаспадыня i яе дачка-вучанiца, размашыста i глуха стукаюць ходзiкi: як-так, як-так... (I.Шамякiн).


3. Не аддзяляюцца коскамi выклiчнiкi перад асабовымi займеннiкамi.

Напрыклад:

Ой ты, ночка, чарнявая ноч, агарнi цеплынёю мяне... (П.Панчанка).

Эх ты, - кажа яна, - лепш вось дахаты iдзi, а то будзе табе ад мацi (Я.Брыль).


4. Не з'яўляецца выклiчнiкам i не аддзяляецца коскай часцiца о пры зваротку, адмоўi, сцвярджэннi, а таксама не аддзяляюцца коскай узмацняльныя часцiцы, аднолькавыя па гукавым складзе з выклiчнiкамi.

Напрыклад:

Я не для вас, паны, о не, у час вольны песенькi складаю... (Я.Купала).

О так, так, планы маюць выключную ролю ва ўсякай справе (М.Лынькоў).

Мiколу ж аднаму ай-ёй як цяжка (Я.Брыль).

Я яшчэ ого якi дужы! (I.Шамякiн).


§ 55. Коска пры сцвярджальных, адмоўных i пытальных словах


1. Коскай аддзяляюцца сцвярджальныя, адмоўныя i пытальныя словы ў пачатку сказа, калi яны звязаны са сказам, якi раскрывае, канкрэтызуе iх сэнс: так, але, ага, ну, што ж, як жа, не, што, як i iнш.

Напрыклад:

Так, трэба прыняць гэтыя заўвагi.

Не, не такою я хацеў сустрэць цябе, сястра! (Я.Скрыган).

Што, грыбоў яшчэ няма? (Я.Колас).

Як, ты гэтага яшчэ не зрабiў?


Калi пры такiх словах стаяць узмацняльныя часцiцы, то коскай яны аддзяляюцца разам.

Напрыклад:

Ой не, пакiдаць таварыша ў бядзе нельга (Я.Маўр).


2. Калi сцвярджальныя, адмоўныя i пытальныя словы паўтараюцца, то яны раздзяляюцца коскамi.

Напрыклад:

Так, так, панi гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носiць (Я.Купала).

Але, але, яго мацi i мне паказвала лiст, у якiм ён пiша, што няйначай мусiць прыехаць на свята (Ц.Гартны).

Не, не, - адагнаў ад сябе змрочныя думкi Iван (Б.Сачанка).

Што, што ты сказаў?


3. Сцвярджальныя, адмоўныя i пытальныя словы ў сярэдзiне сказа выдзяляюцца коскамi з двух бакоў.

Напрыклад:

Работа, што ж, у лес не пабяжыць (Ц.Гартны).

Ты не паверыш, не, такой навальнiцы ў нас не было нiколi!


4. У канцы сказа перад сцвярджальнымi, адмоўнымi i пытальнымi словамi ставiцца коска, а пасля - знак прыпынку ў адпаведнасцi з агульнымi правiламi.

Напрыклад:

Цяпер ты пойдзеш спаць, так? (I.Мележ).

Я работы не баюся, не!


Глава 14 КОСКА Ў СКЛАДАНЫМ СКАЗЕ


§ 56. Коска ў складаназлучаным сказе


1. Коскай аддзяляюцца часткi складаназлучаных сказаў, якiя аб'яднаны злучнiкамi i, ды (у значэннi "i"), дый (ды i), або (альбо), цi.

Напрыклад:

Iдуць ад кожнага перона на ўсход i захад цягнiкi, i ад апошняга вагона далёка свецяць аганькi (С.Грахоўскi).

Праплыве гук баязлiва па-над лугам, па-над нiвай у знямелы свет, ды зноў цiха-цiха стане (Я.Колас).

Ад завеi не было вiдаць агнёў нават недалёкiх вёсак, ды i блiзкiя iшлi ў цемры ледзь прыкметнымi мутнымi знакамi (I.Мележ).


2. Перад злучнiкамi i, ды (у значэннi "i"), або, цi коска не ставiцца:

калi ў складаназлучаным сказе (звычайна ў пачатку) ёсць агульны член, якi адносiцца да першай i да другой частак, або агульная часцiца цi пабочнае слова.

Напрыклад:

Дзе-нiдзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелi вясновыя кветкi i зацвiтаў бэз (В.Быкаў).

Праз нейкi час вецер разагнаў хмары ў вышынi i дождж сцiх (I.Мележ).

Толькi верхавiны соснаў гулi ледзь чутна ды шалясцелi трапяткiя асiны (М.Лынькоў);


калi часткi складаназлучанага сказа з'яўляюцца безасабовымi (аднароднымi па значэннi), няпэўна-асабовымi або намiнатыўнымi сказамi, а таксама калi маюць форму пытальных, пабуджальных цi клiчных сказаў.

Напрыклад:

Цiшыня i прастор (Э.Агняцвет).

Колькi радасцi i колькi захаплення!


3. Коскай аддзяляюцца часткi, якiя аб'яднаны ў складаназлучаны сказ злучнiкамi але, а, ды (у значэннi "але"), ж (жа), аж, аднак, затое, толькi i iнш.

Напрыклад:

Наводдалек чулiся стрэлы, але тут было ўжо цiха (I.Мележ).

Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знiк з вачэй, расплыўся ў цемрадзi (Я.Колас).

I чужому навучайся, ды свайго не цурайся (Прыказка).

Мiкiта моцна пастукаў у дзверы, аднак з кабiнета нiхто не азваўся (М.Зарэцкi).

На вулiцы скрыпка грае, мяне ж мацi не пускае (Народнае).

Завярнуўся [Бруй] i хацеў ужо iсцi назад, аж з печы пачуўся голас: "Хто там?" (Я.Колас).


4. Коскай аддзяляюцца часткi, якiя аб'яднаны ў складаназлучаны сказ пры дапамозе паўторных злучнiкаў i... i, нi... нi, то... то, не то... не то, або (альбо)... або (альбо), цi... цi, цi то... цi то.

Напрыклад:

I хвалюецца пшанiца, i дрыжыць пяшчотна гай (П.Броўка).

Нi колас на нiве не ўскалыхнецца, нi лiст на дрэве не ўзварухнецца (Я.Колас).

Або iх [птушак] тут не было, або яны проста не адважвалiся падаваць голасу (Я.Колас).

Цi то стогне бура, цi то вiхор гуляе.


§ 57. Коска ў бяззлучнiкавым сказе


Коскай аддзяляюцца часткi складанага бяззлучнiкавага сказа, якiя па сэнсе i iнтанацыйна звязаны памiж сабой.

Напрыклад:

Цвiтуць лугi, жаўцее проса, уздымае жыта каласы (С.Грахоўскi).

Неба сеяла цяпло, цёплы дожджык церушыў, у думках радасна было, беглi песнi ад душы (Я.Купала).

Ад зямлi да самых чубоў на дрэвах не было нiводнай галiнкi, сляды ад усiх колiшнiх галiнак даўно заплылi жывой смалою, згладзiлiся, кара над iмi самкнулася (В.Карамазаў).


§ 58. Коска ў складаназалежным сказе


1. Коска ставiцца:

памiж галоўнай i даданай часткамi.

Напрыклад:

Пасаджу каля вёсак сады маладыя, каб ты вечна цвiла i ў шчасцi расла, дарагая мая Беларусь (П.Панчанка).

Яны выехалi з двара, калi апошняя жоўтая палоска зары дагарала на захадзе (У.Караткевiч).

Каб любiць Беларусь нашу мiлую, трэба ў розных краях пабываць... (А.Ставер).

Дзяды i бацькi нашу мову стваралi, каб звонка звiнела, была як агонь (П.Броўка);


памiж даданымi часткамi, якiя адносяцца да адной i больш галоўных частак.

Напрыклад:

Глянь туды, дзе машыны спяваюць, дзе палае ў горане сталь, дзе рабочыя песнi складаюць пад сталёвы напеў малатка (П.Трус).

А там, дзе разам мы прайшлi, вясеннi гул не моўкнуў, газоны пышна расцвiлi, зазiхацелi вокны (М.Танк).


Калi даданая частка стаiць у сярэдзiне галоўнай, яна выдзяляецца коскамi з двух бакоў.

Напрыклад:

Над ускрайкам лесу, дзе пачыналiся жоўтыя пяскi, зазвiнела песня ляснога жаваранка (Я.Колас).


2. Калi аднародныя даданыя часткi звязваюцца пры дапамозе адзiночных злучнiкаў i, ды (у значэннi "i"), або, цi, то памiж iмi коска не ставiцца.

Напрыклад:

Я люблю часiну навальнiцы, калi б'е пярун па ўсiх ладах i злуюцца ў хмарах блiскавiцы (П.Панчанка).

Некаторыя iшлi далей, дзе было начальства i дзе раздалiся гэтыя нечаканыя выбухi (В.Быкаў).

Як толькi разднела i ўзышло сонца, пачалi збiрацца вучнi (Я.Колас).


Перад супрацiўнымi злучнiкамi i перад злучнiкам i, якi паўтараецца памiж аднароднымi даданымi часткамi, коска ставiцца.

Напрыклад:

Нарадзiўся я ў маi, як сады вакол цвiлi, а ў наднёманскiм гаi распявалi салаўi (А.Русак).


3. Коска не ставiцца перад злучнiкамi i, ды (у значэннi "i"), або, цi, што звязваюць дзве галоўныя часткi, да якiх адносiцца агульная даданая частка.

Напрыклад:

Ужо сонца праглядвала праз вершалiны хвой i пачынала адчувацца гарачыня летняга дня, калi настаўнiкi падышлi да балота (Я.Колас).

Калi наступае глыбокая восень, над зямлёй нiзка сцелецца туман або iмжыць дробны дождж (К.Чорны).


4. Калi даданая частка звязваецца з галоўнай пры дапамозе састаўных падпарадкавальных злучнiкаў (перш чым, затым што, пасля таго як, для таго каб, па меры таго як, да таго часу пакуль, з прычыны таго што, нягледзячы на тое што, дзякуючы таму што, у сувязi з тым што i iнш.), то коска ставiцца памiж даданай часткай i галоўнай, калi даданая пачынаецца такiм злучнiкам i стаiць перад галоўнай (злучнiк не разрываецца).

Напрыклад:

З той пары як пайшлi на аблаву, цягнецца iх паляванне да сённяшнiх дзён (А.Куляшоў).

Для таго каб праца давала плённыя вынiкi, трэба прывучыць да сталых i сур'ёзных адносiн да яе з малых гадоў (Я.Колас).

Па меры таго як неба святлела, цемра змянялася рэдкiм лёгкiм змрокам... (I.Мележ).


Калi даданая частка сказа стаiць пасля галоўнай, коска ставiцца або перад другой часткай састаўнога падпарадкавальнага злучнiка, або перад гэтым злучнiкам у поўным яго складзе ў залежнасцi ад сэнсу.

Напрыклад:

Я гэту мову ўзяў сабе таму, што зашмат у ёй было гаротных песень (М.Танк).

Бабка была спагадлiвая да чужога гора, таму што сама перажыла шмат пакут i нягод (Ю.Пшыркоў).

Ён паабяцаў не пакiдаць галерэю да таго часу, пакуль не адкрыецца новая экспазiцыя.


5. У залежнасцi ад сэнсу коска можа ставiцца пасля першай часткi састаўнога падпарадкавальнага злучнiка.

Напрыклад:

Перад тым, як iсцi ў поле, яна прыбiрала ў хаце, мыла падлогу, лавы (Б.Сачанка).

Па меры таго, як прыпыняўся дзе ў вёсцы Ельскi са сваiм атрадам, прыпыняўся i Сцяпан (П.Пестрак).

Нягледзячы на тое, што давялося несцi на плячах тол i боепрыпасы, адстаючых не было (I.Мележ).

Можа нават таму, што навокал было многа прастору, хлопцу раптам стала няўтульна (I.Чыгрынаў).


6. Коска не ставiцца перад як, калi, што i iнш., якiя ўваходзяць у склад устойлiвых выразаў тыпу як не трэба лепш, як нi ў чым не бывала, калi б то нi было, што б там нi было i iнш.

Напрыклад:

Усё было вылiчана i вымеркавана як не трэба лепш (К.Чорны).

Супакойся, прашу цябе. Што б там нi было, у нашых адносiнах нiчога не зменiцца (К.Крапiва).


У выразах не хто iншы, як..., не што iншае, як... перад як ставiцца коска.

Напрыклад:

Прыйшоў не хто iншы, як наш сусед.

Гэта не што iншае, як цяга да тае самае стыхii, у якой жылi iх ранейшыя продкi (К.Крапiва).


7. Калi побач стаяць два падпарадкавальныя злучнiкi (цi злучнiк i злучальнае слова), а таксама злучальны i падпарадкавальны злучнiкi (у сказах з рознымi вiдамi сувязi), то памiж iмi ставiцца коска.

Напрыклад:

Брыгадзе рабочых сказалi, што, калi своечасова будзе закончаны аб'ект, яны атрымаюць прэмiю.

Пот залiваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасцi, хлопец не кiдаў вёслаў (I.Шамякiн).


8. Перад другiм злучнiкам коска не ставiцца, калi галоўная частка пачынаецца словамi дык, то.

Напрыклад:

А яшчэ помнiць ён [Алесь], што калi прыходзiлi жаўнеры ў вёску, дык насмiхалiся з усiх, абзываючы "мужыкамi" (П.Броўка).

Ён чалавек дарма што сур'ёзны, а калi разгаворыцца, дык люба слухаць (К.Крапiва).

Трэба было адпачыць, але Iван адчуваў, што калi ўпадзе ў снег, то напэўна болей ужо не ўстане (В.Быкаў).


9. Калi перад падпарадкавальным злучнiкам цi злучальным словам стаiць адмоўе не або злучальны злучнiк (i, цi, або i iнш.), якi звязаны з даданай часткай, то яна не аддзяляецца коскай ад галоўнай часткi.

Напрыклад:

Нам трэба ведаць не дзе ты быў, а што ты за дзень зрабiў.

Ён спакойны i калi заўзята працуе, i калi адпачывае.


10. Даданая частка ў пазiцыi пасля галоўнай, выражаная толькi адным злучальным словам або спалучэннем слоў, коскай не аддзяляецца.

Напрыклад:

Яны паехалi i не сказалi куды.

Невядома хто тут гаспадар.


Глава 15 КРОПКА З КОСКАЙ


§ 59. Правiлы пастаноўкi кропкi з коскай


1. Кропка з коскай ставiцца памiж адносна незалежнымi састаўнымi часткамi сказа, якiя аб'ядноўваюцца ў адзiн складаны сказ без злучнiкаў, а самi часткi разгорнутыя i (або) маюць свае знакi прыпынку.

Напрыклад:

Чарнеецца сажаю вечар. Дождж б'ецца аб хвалi ракi; гуляе, гудзе над ёй вецер, заводзiць, што ў полi ваўкi (М.Багдановiч).

Ручай застаўся недзе ўбаку, гоман яго прыцiх; мацней i выразней сталi шумець ялiны; свежы вецер скрозь гойдаў верхавiнамi; сонца схавалася; змаркатнелае неба ўсё далей i шырэй абкладвала хмара (В.Быкаў).


Кропка з коскай можа ставiцца на стыку частак бяззлучнiкавага сказа з адносна незалежнымi часткамi, калi памiж iмi знаходзiцца пабочнае слова. У гэтым выпадку кропка з коскай паказвае, да якой з частак адносiцца пабочнае слова.

Напрыклад:

Але якое гэта запрашэнне - адзiн сказ у канцы, як бы мiж iншым, для ветлiвасцi; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць (I.Шамякiн).


2. Кропка з коскай ставiцца памiж часткамi складанага сказа, якiя звязваюцца памiж сабой:

далучальнымi злучнiкамi але, толькi, аднак, усё ж, тым не менш i iнш., асаблiва калi гэтыя часткi разгорнутыя i (або) маюць свае знакi прыпынку.

Напрыклад:

Марозiк крэпiць, лёд таўшчэе, i рэчка вольная нямее, да дна вадзiца вымярзае i ходу, бедная, не мае, i цесна там ёй, i нямiла яе халодная магiла; але дарма: жывую сiлу не запраторыш ты ў магiлу, мароз бязжаласны i люты! (Я.Колас).

Гойдалася ў цэбры вада, льючыся праз край, i твару свайго выразна разгледзець у вадзе Агата не магла; толькi бялелi ў вадзе рукi, i гэта цешыла яе (К.Чорны);


далучальнымi злучнiкамi i i ды (у значэннi "i") толькi ў тым выпадку, калi яны аб'ядноўваюць дзве састаўныя часткi, якiя без гэтых злучнiкаў былi б самастойнымi сказамi, раздзеленымi кропкай.

Напрыклад:

На ёй [ялiнцы] валоскiя арэхi, а з пазалочанай паперкi глядзяць панадныя цукеркi; i больш на ёй няма нiчога, ды хiба ж дзецям трэба многа? (Я.Колас).


3. Перад злучнiкам а кропка з коскай ставiцца толькi ў тым выпадку, калi састаўныя часткi, якiя звязваюцца гэтым злучнiкам, разгорнутыя i маюць свае знакi прыпынку.

Напрыклад:

Ён невысок, не надта ёмак, ды карчавiты i няўломак, а волас мае цёмна-русы, i зухаўскiя яго вусы ў меру доўгi, густаваты, угору чуць канцы падняты; а вочы шэры, невялiчкi, глядзяць прыветна, як сунiчкi, але раптоўна i адразу не расчытаеш iх выразу... (Я.Колас).


4. Кропка з коскай ставiцца памiж развiтымi аднароднымi членамi, калi пры адным з iх ёсць коскi.

Напрыклад:

Хлопец злёгку задрыжаў i ўзяў скрыпку паслухмяна; струны звонкiя наладзiў, раз-другi смычком правёў i аддаўся ўвесь абладзе, чарам струнных галасоў (Я.Колас).

Я выйшаў на вулiцу i адчуў, як сцюдзёнае марознае паветра апалiла мне твар; пачуў, як звонка рыпiць снег; убачыў, як гарыць на сонцы аснежанае поле... (А.Астапенка).

Наталля... то адкрывала сумку, то закрывала; то зашпiльвала на сабе кофтачку, то, як ад гарачынi, расшпiльвала яе (Я.Скрыган).


5. Кропка з коскай ставiцца памiж разгорнутымi даданымi часткамi складаназалежнага сказа, падпарадкаванымi адной i той жа галоўнай, калi памiж даданымi няма злучальнага злучнiка, асаблiва калi ў сярэдзiне такiх даданых ёсць свае даданыя часткi.

Напрыклад:

Калi з-пад завялых шыпулек паказалiся i смачна запахлi спачатку маленькiя шэра-сiнiя струменьчыкi дыму, а потым, вельмi хутка разросшыся, вялiкiмi клубамi паплылi над бульбоўнiкам; калi, нарэшце, праз голле прабiлiся жвавыя i белаватыя на ранку языкi полымя, на ўчастку неяк адразу ўсё змянiлася (А.Кулакоўскi).

Нягледзячы на тое, што крыўда раз-пораз загаралася ў душы Кляновiча, яго цешылi перспектывы, што вось ён зоймецца даследаваннем глебаў; што будзе арганiзоўваць севазвароты, адкрываць розныя курсы; ...што ён едзе ў такую вобласць, дзе яшчэ не звялася мясцовая чырвоная парода кароў, аб якой Кляновiч даўно думае; што гэтую пароду няслушна закiнулi... (П.Пестрак).


6. Кропка з коскай ставiцца памiж групамi адносна незалежных састаўных частак бяззлучнiкавага сказа, а таксама памiж групамi даданых частак, якiя адносяцца да адной галоўнай.

Напрыклад:

Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз i дубняку, рэчкi, купiны, чароты, мора траў i хмызняку; мосцiк, зложаны з бярвенняў, брод i грэбля кожны крок, на дарозе рад карэнняў, крыж, пахiлены набок; пералескi, лес, паляна, старасвецкi дуб з жарлом, хвоя-велiч на кургане з чорным буславым гняздом; гразь, пяскi, лужок зялёны, шум крынiчкi з-пад карча, шэлест лiсцяў несканчоны, крык у небе крумкача; вербы, груша-сiрацiна, нiзкарослы цёмны гай... (Я.Колас).


7. Кропка з коскай ставiцца ў канцы рубрык пералiчэння, калi яны не з'яўляюцца самастойнымi сказамi, але дастаткова разгорнутыя i (або) маюць свае знакi прыпынку.

Напрыклад:

Паводле папярэднiх даных, рух усiх трох спадарожнiкаў адбываецца па блiзкiх арбiтах з пачатковымi параметрамi:

перыяд абарачэння 95,2 мiнуты;

максiмальная адлегласць ад паверхнi Зямлi (у апагеi) 876 кiламетраў;

мiнiмальная (у перыгеi) 210 кiламетраў;

вугал нахiлу арбiт да плоскасцi экватара 56 градусаў 10 мiнут.


Глава 16 ДВУКРОП'Е


§ 60. Правiлы пастаноўкi двукроп'я


1. Двукроп'е ставiцца перад пералiчэннем аднародных членаў, калi перад iмi ёсць абагульняльнае слова (займеннiк, прыслоўе, назоўнiк) або словы напрыклад, а iменна.

Напрыклад:

Наогул яе [настаўнiцу] любiлi ўсе: вучнi, настаўнiкi, калгаснiкi (I.Шамякiн).

Усе былi апрануты па-святочнаму: чысценька i прыгожа (Я.Колас).

На прыгуменнi, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам, а пад паветкаю прылады: вазок, калёсы, панарады, старыя санi, восi, колы i вулляў некалькi на пчолы... (Я.Колас).

На ўроках мовы праводзяцца розныя вiды работ, напрыклад: дыктанты, сачыненнi, пераказы i iнш.


2. У афiцыйных паперах, дакументах, у навуковых працах, зрэдку ў мастацкiх тэкстах двукроп'е перад аднароднымi членамi ставiцца i тады, калi перад iмi адсутнiчае абагульняльнае слова.

Напрыклад:

Да заявы прыкладаюцца: ... .

На нарадзе прысутнiчалi: ... .

Вучылiшча рыхтуе: токараў, слесараў ... .


3. Двукроп'е ставiцца перад пералiчэннем аднародных азначэнняў, якiя выражаны прыметнiкам або назоўнiкам цi займеннiкам i адносяцца да паясняльнага папярэдняга назоўнiка.

Напрыклад:

Вялася звычайная размова знаёмых людзей у першыя хвiлiны сустрэчы: пра надвор'е, пра здароўе, пра навiны.


4. Калi аднароднымi членамi з папярэднiм абагульняльным словам сказ не заканчваецца, то перад iмi ставiцца двукроп'е, а пасля iх - працяжнiк.

Напрыклад:

Рыбацкая снасць: сетка, нераткi, вуды - была адмысловая ў дзядзькi Марцiна (Я.Колас).

Бацька прыбраў з воза ўсё: плуг, барану, мяшкi з бульбай - i ўвайшоў у хату (М.Зарэцкi).


5. Двукроп'е ставiцца перад аднароднымi членамi, якiя тлумачаць, удакладняюць значэнне папярэднiх слоў.

Напрыклад:

На скорым часе ранiчкою Алесь у кепскiм быў настроi: хадзiў, бурчаў, не змоўчваў маме, усё дагары вярнуў нагамi (Я.Колас).

Яна ўзялася за работу: набрала бярэмя дроў, унесла ў хату i, запалiўшы газоўку, стала класцi iх у печ (К.Чорны).


6. Двукроп'е ставiцца памiж часткамi бяззлучнiкавага складанага сказа, калi ў другой частцы раскрываецца змест цi ўказваецца прычына таго, пра што гаворыцца ў папярэдняй частцы.

Напрыклад:

Аўгiня пускаецца на хiтрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну (Я.Колас).

Яна дамаглася свайго: сталовая ўжо красавалася жоўтай страхою (П.Броўка).

Але пагаварыць яму так i не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол (Я.Колас).


7. Двукроп'е можа ставiцца памiж трыма часткамi бяззлучнiкавага складанага сказа, у якiм кожная наступная частка ў адносiнах да папярэдняй абазначае прычыну, выражае ўдакладняльна-тлумачальнае значэнне i iнш.

Напрыклад:

Але справа тут не ў часе была: недаверлiвыя залацiнцы другое мелi ў думках: каб не прыбраў часам гэты iнструктар i сад, i агарод, i сенакос (Я.Колас).

Прашу: хоць раз задумайцеся, людзi: на што мы трацiм лепшыя гады? (А.Бачыла).


8. Двукроп'е ставiцца памiж дзвюма часткамi бяззлучнiкавага складанага сказа, першая з якiх заканчваецца дзеясловамi бачыць, глядзець, разгледзецца, чуць, адчуць, адчуваць, заўважыць, зразумець, ведаць, верыць, казаць, разумець i iнш., пры дапамозе якiх указваецца, што далей будзе iсцi паведамленне пра якi-небудзь факт, падзею, з'яву i пад.

Напрыклад:

[Зося] заўважыла: Янка ўжо там, за вушаком дзвярэй (Г.Далiдовiч).

Праз туман разгледзеўся цяпер я: над палянай жоўкне поўны месяц (М.Лужанiн).

Адным словам сказаць, усе бачылi: яна i прыгожая, i ўдалая (К.Чорны).

Няхай усё гэта песня нагадала, але я веру: устане горад мой (М.Танк).

Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу (У.Караткевiч).

Праз вокны вiдаць: на ўсходзе разгараецца ранiца (М.Лупсякоў).


9. Двукроп'е ставiцца пасля сказаў або слоў, якiя ўводзяць у тэкст простую мову.

Напрыклад:

Лагодненька ўмее гаварыць дзед Павал: "Не хадзi ты, Агатка, далёка" (Я.Колас).

Цiха шэпчуць за парканам дзецi: "Вунь новая настаўнiца iдзе" (С.Грахоўскi).

Рая прапанавала: "Хлопцы, дзяўчаты! Давайце наведаем Данiлу Платонавiча!" (I.Шамякiн).


Глава 17 ПРАЦЯЖНIК


§ 61. Правiлы пастаноўкi працяжнiка


1. Працяжнiк ставiцца памiж дзейнiкам i выказнiкам:

калi абодва галоўныя члены сказа выражаны назоўнiкам у назоўным склоне i пры выказнiку адсутнiчае дзеяслоў-звязка.

Напрыклад:

Мiнск - сталiца, гордасць наша, слава ўсёй краiны (Я.Купала).

Матчыны рукi - залатыя рукi (I.Мележ).

Фразеалогiя - раздзел мовазнаўства, якi вывучае семантычныя, граматычныя i стылiстычныя асаблiвасцi ўстойлiвых выразаў.

Прастора i час - усеагульныя формы каардынацыi з'яў i падзей;


калi абодва галоўныя члены цi адзiн з iх выражаны неазначальнай формай дзеяслова.

Напрыклад:

Вучыцца ў народа - задача кожнага пiсьменнiка (К.Чорны).

Хату зрабiць - не скрынку збiць (Прыказка).

Дзетак узгадаваць - не грыбкоў назбiраць (Прыказка);


калi перад выказнiкам ёсць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць, гэта ёсць.

Напрыклад:

Паэзiя - гэта пакута i радасць, праклён i бязлiтаснасць, споведзь i гордасць (П.Панчанка).

Кожны чалавек - гэта цэлы свет (К.Чорны).

Цiмох i Гануля - вось роўная пара (Я.Купала).

Iгнараваць мову - гэта значыць iгнараваць народ, нацыю (П.Пестрак);

| Стр.1 | Стр.2 | Стр.3 | Стр.4 |

карта новых документов

Разное

При полном или частичном использовании материалов сайта ссылка на pravo.levonevsky.org обязательна

© 2006-2017г. www.levonevsky.org

TopList

Законодательство Беларуси и других стран

Законодательство России кодексы, законы, указы (изьранное), постановления, архив


Законодательство Республики Беларусь по дате принятия:

2013 2012 2011 2010 2009 2008 2007 2006 2005 2004 2003 2002 2001 2000 до 2000 года

Защита прав потребителя
ЗОНА - специальный проект

Бюллетень "ПРЕДПРИНИМАТЕЛЬ" - о предпринимателях.



Новые документы




NewsBY.org. News of Belarus

UK Laws - Legal Portal

Legal portal of Belarus

Russian Business

The real estate of Russia

Valery Levaneuski. Personal website of the Belarus politician, the former political prisoner